на галоўную       праект      удзельнікі     галерэя     гасьцёўня     спасылкі     кантакты
 

 

Менск тусовачны

 

Тэкст: palasatka

 

Панкі слухаюць панк, рокеры слухаюць рок...

І гэтак далей.

Моладзь зьбіраецца там, дзе зручней, дзе ёсьць месца, каб пасядзець і пагутарыць. Альбо патусавацца, пакрычаць песьні... Усё робіцца пад зручнасьць. У кожнага месца ёсьць свая гісторыя, свая назва і рэглямэнт. У любым выпадку лепш ведаць, у якім манастыры знаходзішся.

 

НА ЛЕСЬБІЯНКАХ (па-іншаму - парк імя Янкі Купалы) зьбіраюцца збольшага гопнікі. Тыя, каму ахвота піць піва ў абдымку са сваімі малымі. А дзе гэта зручней зрабіць? Натуральна, седзячы на лавачцы. Увечары. Фантан, цень ад дрэваў, і крама побач.

 

КАТОК - гэта тое, што знаходзіцца на праспэкце Машэрава ля Палаца Спорту. Роўная заасфальтаваная пляцоўка. Побач - шырокі тратуар. Сьветла і прасторна. Натуральна, усе ўмовы для разьвіцьця вулічнай культуры. Тут гуляюць у socks, катаюцца на скэйтах. Бывае - на роліках і роварах(ро!). Тут кожны скажа, што фут-бэг - гэта таксама спорт. І яшчэ які! Сэйшны, фэсты... І, безумоўна, нават месцы прысуджаюць.

 

КВАДРАТЫ - лавачкі квадратных формаў ля саркафага.Тут таксама тусуецца "прасунутая" моладзь. Там, хаця і зрэдку, але таксама гуляюць у socks, летам мочаць ногі ў фантане... А вось што на плошчы "лепш доўга не затрымлівацца" - ведае кожны. Бываюць выключэньні. У тыя дні, калі паміж палацам Прафсаюзаў, музэем ВАВ і саркафагам стаіць сцэна.

 

НА ФАНАХ, ФАНЫ - зноўку ж, ля саркафага(палац Рэспублікі) - фантаны - тусовачнае месца асабліва ўлетку. Скэйтэры, роллеры - усё тут.

 

НА ФІЛАРЫ/ФІЛЕ тусуюцца чацеры, кампутаршчыкі. А за філарай, "НА КАМУШКАХ" - ралевікі. Насупраць, "НА КОЛАСЕ" - ўсе, хто заўгодна. Там зручна прызначаць сустрэчы. А таксама проста патусавацца.

 

СЬЦЯНА ЦОЯ - гэта ўсяго толькі тое, што ад яе засталося. Два кавалкі сьцяны. Калісьці яны служылі проста агароджай будоўлі саркафага. Але пасьля агароджу прыбралі. А пару кавалкаў, самых асноўных (са значна больш вялікай кампазыцыі) перанесьлі за музэй ВАВ, роўна перад Журавінкай. Паставілі дзьве лавы. Цяпер там кожны дзень можна пачуць хрыпатыя гучныя сьпевы пад расстроеную гітару і моладзь пераважна ў чорных байках. Летам гэтых маладзёнаў можна пабачыць на траве пад ценем дрэваў, што побач. Зноў жа зь гітарай.

 

ПАНІКОЎКА - сквэрык насупраць прэзыдэнцыі (адміністрацыі). Там стаіць знакаміты хлопчык зь лебедзем, якога часта называюць "пісаюшчым" (другі "пісаюшчы" хлопчык знаходзіцца на востраве сьлёз у Траецкім ). Тут часта тусуюцца інтэрнэтчыкі. Часьцей - чацеры.

 

ЦЭНТР, ПЯТАК, ЛЯ МАКДОНУ тусуецца "прасунутая" моладзь і тыя, хто хоча такой падавацца. Раней там былі толькі "стаячыя месцы" . Цяпер жа тут ёьсць прыгожая алея зь вялікай колькасьцю лавачак і летніх кавярняў. А калі дождж - можна пайсьці ў вялікі адноўлены падземны пераход. У гэтым пераходзе месьціцца дыскарня "Пераход" - таксама моднае месца. Хаця патрэбны дыск набыць там бывае складана праз тое, што ў краме за дзень бывае вельмі шмат наведвальнікаў.

 

ТРОЙКА, ПАРАПЕТ - бераг Сьвіслачы з боку Траецкага. Удзень тут няшмат людзей, можна прыходзіць сюды, каб спакойна пачытаць кніжку ці пакарміць тутэйшых галубоў хлебам, набытым ва ўнівэрмагу "Траецкі", што недалёка. Увечары зьбіраецца моладзь рознага кшталту. Тут таксама гуляюць у socks, кормяць птушак, п'юць піва і вядуць размовы , седзячы на бэтонным парапэце.

 

ПЕРАМОГА, КРУГ - падземны пераход пад абэліскам "перамозе" (ці фалічным сымбалем?). Бліжэй да ўваходу ў мэтро тусуюцца музыкі . Часьцей - моладзь у чорных байках зь гітарамі, радзей - прафэсійныя музыкі (навучэнцы консы, якім не хапае стыпэндыі), яшчэ радзей - маладыя музычныя гурты, якім бракуе канцэртных выступаў і публікі. Яны зьдзіўляюць сваім майстэрствам, вакол іх зьбіраецца шмат слухачоў. Усе задаволеныя. Пабачыць такі канцэрт ліцыцца добрым знакам. Такія гурты вельмі часта граюць для свайго задавальненьня, таму бывае нават забываюцца выстаўляць торбу ці чахол ад гітары перад сабой. У такіх выпадках на халоднай каменнай падлозе вырастае кіпа грошай удзячных слухачоў.

 

КОЛАС, НА КОЛАСЕ - плошча Якуба Коласа, вялікая пляцоўка перад помнікамі. Кожны вечар вельмі шмат моладзі, але апошнім часам туды зачаслілі міліцыянты, таму частка тусоўшчыкаў вымушана хавацца па дворыках за ЦУМам.

 

 

 

Вярнуцца ў раздзел артыкулы  >>>

 

 

 

 

© 2006 horad MIENSK
webmaster:
palasatka
hosting by
EXE.BY