на галоўную     праект      удзельнікі     галерэя     гасьцёўня     спасылкі     кантакты
 

 

 

Менск і Ты

 

Тэкст: dvarf

 

Пра сталіцу можна казаць толькі добрае ці дрэннае? Не абавязкова. Для кагосьці Менск - гэта вялізарныя плошчы, шырокія праспэкты ды велічныя будынкі; для кагосьці - шумныя тусоўкі, пампэзныя сьвяты ды стракатыя начныя клюбы. А для цябе Менск - гэта... сам ты. Што такое гэты горад без тваёй маленькай асобы і яшчэ бязь дзьвух мільёнаў падобных табе? Асфальт і бэтон. А ты бяз гэтага горада?

 

Кожны дзень, як толькі ты выходзіш з дома, горад цябе паглынае. Ты - гэта горад, а горад - гэта ты. Кожны дзень ты ходзіш па адных і тых жа вуліцах, якія можна ўспрымаць як дэкарацыі для тваёй часам удалай, а часам не, імітацыі дзейнасьці. А можа гэта ты дэкарацыя для яго?

 

Менск - твой судзьдзя. Ён заўсёды пакарае цябе за твае грахі, заціснуўшы ў потны аўтобус, ці зламаўшы абцас сваім каналізацыйным люкам. Хаця ты таксама зьяўляешся судзьдзёй для горада, руйнуючы ягонае векавое нутро і замяняючы яго штучнымі сучаснымі органамі. Кожны дзень ідзе няспынная барацьба паміж табой і горадам, барацьба з самім сабой. І ў гэтай барацьбе ня можа быць пераможцы.

 

Менск - твой наркотык. Як бы ты ня лаяўся на яго за сьпёку і адсутнасьць чыстага паветра, зьехаўшы на прыроду праз два дні пачынаецца ломка і цябе проста цягне ў бэтонныя абдымкі. А можа гэта ў горада пачынаецца ломка безь цябе і ён дасылае свае нябачныя флюіды, каб ты хутчэй вярнуўся?

 

Менск, ён бессьмяротны, як і ты. Колькі б яго не палілі, колькі б яго не руйнавалі, ён усё адно жывы. А ты пакінеш пра сябе памяць, зьвязаную з гэтым горадам, якая будзе жыць вечна разам зь ім. І няхай гэта будзе добрая памяць.

 

 

Вярнуцца ў раздзел артыкулы  >>>

 

 

 

© 2006 horad MIENSK
webmaster:
palasatka
hosting by
EXE.BY