на галоўную       праект      удзельнікі     галерэя     гасьцёўня     спасылкі     кантакты
 

 

 

Менск інтымна-тусовачны

 

Тэкст: Антоша Авярдоз

 

Гэта ня артыкул пра тое, дзе можна знайсьці кабыл для інтымных спацех (аб гэтым можна напісаць, калі palasatka дазволіць *смайл*), а пра элітарныя (можна інтымныя) месцы тусоўкі "прасунутай моладзі".

 

Калі Нью-Ёрк называюць "Вялікі яблык", то Менск можна назваць "Вялікая дупа" ці "Вялікая бульба". І ў ім зашмат месцаў, куды амаль ня ходзяць гопнікі, дзе збольшага ціха і можна спакойна выжлукціць па пляшцы "Крыжопля" і патануць у ганджабасным смуродзе падчас размоў пра вялікага Мэрліна.

 

Растаманскі дворык - культавае месца менскіх пыхараў-адзіночак. Месцазнаходжаньне: Няміга, вул. Рэвалюцыйная, двор каля галоўнай канторы МНС. У далёкія часы, тута зьбіраліся задрэдаваныя хлопцы і дзеўкі зь фенькамі, палілі "Шышкін лес" і сьпявалі нешта з Боба Марлі. Малявалі на сьценах свае культавыя расьліны і шукалі спосаб увайсьці ў "дзьверкі хобіта". Як казаў Пятруша - "Парадзис, исцинны парадзис". Але... у адзін чорны дзень шлях да растаманскага дворыка знайшла банда голапатылічных хлопцаў у бомбэрах. З таго, што ўкуркі былі кончанымі пацыфістамі і болей таго - попрасту дыстрофікамі, від Rastus-dubastus зьнік з тэрыторыі растаманскага дворыка. Засталіся толькі малюнкі... "Jah loves u!" Цяпер там стаіць блок-пост, пузаты міліцыянт, а з публікі зьяўляюцца толькі "турысты". Але гэтае месца каштуе таго, каб схадзіць туды і памэдытаваць зь півасам...

 

Балкон - вельмі экстрымнае месца, Інстытут крыміналістыкі МУС, вялікі фалас між Міцкевічам і Валадаркай. Там ёсьць балкон, з лавамі, дзе зручна паціскаць малых. Калі-нікалі з вакон падаюць страляныя гільзы, так што не пужайцеся, людцы дарагія. А, вось яшчэ што - ужываць сьпіртныя напоі там можна пад наглядам вопытных таварышаў, бо ўначы вакол фаласа бродзяць міліцыянты, звычайна па двое, бо паасобку баяцца :-). Ага, дубас таксама лепей не паліць, бо гэта - "стацейка". Калі спатрэбіцца "да ветру" не рэкамэндуецца рабіць гэта пад сьценамі Валадаркі, там таксама нагляд.

 

Фантанчык - дворык Навуковай бібліятэкі АН, днём там зашмат батанікаў... але... Вечар, зіма, сьнег... ну і ўсё такое - рамантыка, так кажысь, гэта называлі ў Сярэднявечча? Таксама ідэальнае месца для інтымнага пацэжваньня бурштынавага напою са старымі дружамі. Зараз там узмацнілі ахову, але прайсьці можна.

 

"Цёмная лашчына" - для аматраў шукаць прыгоды на сваю (_._). Няміга, за офісам "Лукойла", вуліца Калектарная. Раней там былі могілкі, кажуць габрэйскія, а яшчэ кажуць, што да вайны там хавалі сваіх "кліентаў" хлопцы з НКУС. Так ці ня так, апасля там выкапалі яміну, у якой калдыры прыладзіліся граць у актыўныя гульні на сьвежым паветры. А вакол - высокія таполі, і - хабза, хабза, хабза... Холад, вечар, калдыры, вялікія ўтульныя лавы, на якіх вельмі зручна прасыхаць, укруціўшыся ў шалік малой з "кляну Шалікаў". Асобам ня маючым навыкаў адзінаборстваў і дробнага целаскладу ня рэкамэндуецца туды хадзіць. А той, хто ведае Гонзу, можа хадзіць там заўсёды... Зручна - блізка крама, у якой ня пытаюць "Цібе есць васімнаццаць?". Але, калі б і пыталі, што б я мог адказаць? "Ёсьць, майн лібэ оберштурмфюрэр!"

 

"Зялёны гаражык" - ах, маладосьць, маладосьць... Як гэта даўно было! Нават ня ведаю, ці застаўся той гаражык насупраць польскай амбасады, што ля іняза... О! Якія былі часы! У зялёным гаражыку зьбіраліся панкеры, алкашы, зь гітарай, пілі піва, гаварылі пра ўсё. Асабліва памятаю панкера Гошу, які спачатку піў, затым на дзьвюх струнах мог сыграць усіх Дэпэшаў. Яшчэ, як кажуць, там была тая Стася, якая цяпер фронтвумэн аднаго гурта й сьпявае "Принцесса на горошине..."

 

"Маскоўская таполя" - адзінокае дрэва за кінабудкай "Москаў". Там яшчэ раней былі кіёскі. Зьнесьлі, але адмысловы бясплатны туалет там застаўся. Падчас сьвяткаваньня розных дат гэты раён пераўтвараецца ў клааку, у якой п'яны Вовчык заўсёды праглядае цуды - артылерыйскія залпы - "Мэрлін вярнуўся!!!" Дужа прыемная мясьціна, але з цягам часу ўсё зьмяняецца, прыходзяць людзі, будуюць канторы, амбасады... Зарабляюць грошы... А дзеля чаго? Дзеля таго, каб нараджаць дзетак, якія будуць валацугацца па Менску ў пошуках "стильных" мясьцін, дзе можна адпачыць душою і ныркамі.

 

 

 

Вярнуцца ў раздзел артыкулы  >>>

 

 

 

 

© 2006 horad MIENSK
webmaster:
palasatka
hosting by
EXE.BY